Землятрус у Чылі

Автор: фон Клейст Генрих  Жанр: Классическая проза  Проза  Год неизвестен
Скачать бесплатно книгу фон Клейст Генрих - Землятрус у Чылі в формате fb2, epub, html, txt или читать онлайн
Закладки
Читать
Cкачать
A   A+   A++
Размер шрифта

Гайнрых фон Кляйст

Землятрус у Чылі

У Сант-Яга, сталіцы каралеўства Чылі, у час вялікага землятрусу 1647-а года, калі загінулі многія тысячы людзей, адзін малады абвінавачаны ў злачынстве і ўвязьнены іспанец на імя Гераніма Ругера якраз стаяў каля пілястры ў турме з намерам павесіцца. Дон Энрыка Астэрон, з найвялікшых магутаў горада, прыкладна з год да таго адставіў яго са свайго двара, дзе той служыў настаўнікам, за тое, што быў у пяшчотнай палюбоўнасці з доннай Хазэфай, адзінай гаспадаровай дачкой. Састарэламу дону пасля таго, як ён настойліва засцярог дачку, па тайным даручэнні і праз подлае дасачэнне ганарлівым сынком пра ўсё было данесена, і раз’ятрыла таго да такой меры, што ён з ходу затачыў яе ў кармэліцкі кляштар Нашых Любасных Жонаў. Дзякуючы шчаслівай нагодзе Гераніма ўспасобіўся-такі там нанава зладзіць стасункі і аднае дамоўленай начы зрабіць кляштарны сад сцэнай свайго поўнага шчасця. А ўжо акурат на свята Цела Гасподняга ўрачыстая працэсія любасных жонаў, за якою следавалі навіцыянткі, якраз і сталася пачаткам, калі няшчасная Хазэфа пад фінальныя акорды званоў упала на прыступкі катэдрала ў родавых схватках. Гэтае здарэнне набыло надзвычайнага розгаласу; юную грэшніцу, без аглядкі на яе стан, адразу ж запраторылі ў турму, і як толькі яна падвялася з радзільнага ложка, ёй, ужо на загад арцыбіскупа, быў учынены найстражэйшы працэс. Горад прававаў пра гэты скандал з такой горкай злосцю, а языкі так востра сціналіся нават вакол самаго кляштара, дзе ўсё гэта закалацілася, што ані просьба сям’і Астэрона, ані нават ужо жаданне самой абатысы, якая дабразычыла юнай дзяўчыне за яе ранейшыя беспахібныя паводзіны, не змаглі паслабіць суровасці, якое вымагаў кляштарны закон. Усё, што магло адбыцца, павінна было адбыцца мусова -- смерць на вогнішчы, на якую яна была вырачана: толькі дзякуючы вялікаму абурэнню матронаў і дзеўнаў Сант-Яга, і пасля інтэрвенцыі ўладаў у асобе віцэ-караля вогнішча было літасціва заменена на галавасеку. Ужо на вуліцах, па якіх меўся рухацца пакаральны поезд, пачалося арэндаванне вокнаў, ужо пачалося абладжванне дахаў на дамах, і пабожныя цнатліўкі-дочкі горада пачалі запрашаць сябровак, каб у вялікім спектаклі, якім абстаўлялася боская кара, тыя пабралі ўдзелу сваёй сястрынскай прысутнасцю. Гераніма, які тымчасам таксама быў замкнуты ў турму, даведаўшыся пра такі пачварны паварот лёсу, ледзь быў розумам не даўся. Марныя былі яго подумкі пра ратунак: усюды, куды ні заносілі яго крылы рызыкоўна-вытанчанай фантазіі, ён натыкаўся на засаўкі і муры, а спроба падпілаваць краты на акне павяла за сабою, як што ён быў выкрыты, яшчэ шчыльнейшае ўвязьненне. Ён кленчыў перад абразом святое Маці Боскай, ухапіўшыся за цяпер, бадай што, адзіна магчымы ратунак, які мог бы дацца ў рукі, і маліўся, маліўся з усё большай і большай жарсцю. Але дзень, якога ён так баяўся, настаў, а з ім у грудзі прыйшла і ўпэўненасць у поўнай безнадзейнасці становішча. Адгучалі званы, пад якія Хазэфу дастаўлялі на месца пакарання, і роспач апанавала яго душу. Жыццё здалося яму марнай убогасцю, і ён рашыў аддацца смерці з дапамогай вяроўкі, пасланай яму чыстым выпадкам. Ён якраз стаяў, як ужо сказана, каля пілястры, мацуючы да прыладжанай на гзымсе жалезнай клямры вяроўку, якая мелася вырваць яго з гэтага жалю вартага, гаротнага свету; аж раптам амаль ці не цэлы горад з грукатам, як калі б абрушылася нябеснае скляпенне, здрыгануўся, пахаваўшы ўсё, што дыхала жыццём, пад сваімі руінамі. Гераніма Ругера скамянеў ад жудасці; і адразу, як калі б яго свядомасць была растурзана ўшчэнт, ён, каб не ўпасці, ухапіўся за пілястру, на якой быў мерыўся памерці. Пад нагамі ў яго закалыхалася, сцены турмы пабеглі трэшчынамі, увесь будынак пахіліўся, вось-вось гатовы абваліцца на вуліцу, і толькі другі будынак насупраць, які прыняў на сябе павольнае падзенне ўжо нахіленага, затрымаў яго, нейкім сваім выступам не даўшы падзенню завяршыцца поўным завалам. Увесь у трымценні, валасы дыбарам, калені, гатовыя вось-вось падкасіцца, Гераніма неяк выкаўзнуўся па-над перакошанай падлогай вонкі, да праломіны, якую ўтварыла сутыкненне двух дамоў ў пярэдняй сцяне турмы. Ледзь толькі ён апынуўся на волі, як уся, ужо засыпаная вуліца, ад другога ўздрыгу зямлі абрушылася цалкам. Не разумеючы, як яму ўратавацца ў гэтым суцэльным хаосе знішчэння, Гераніма кінуўся з месіва друзу і бэлек упрочкі, да бліжэйшай гарадское брамы, тымчасам як смерць з усіх бакоў падступалася да яго. Тут рухнуў яшчэ адзін дом, і яго пагнала, асыпаючы абломкамі і друзам, у бакавую вуліцу; а там ужо з усіх франтонаў пралізваліся языкі полымя, бліскаючы ў густых хмарах дыму і пары, і пагнала яго, поўнага жудасці, на другую вуліцу; а там ужо, паднятая ў сваiх берагах разбушаваная рака Мапоча рынулася на яго, падхапіла і з клакатаннем павалакла на трэцюю вуліцу. А там -- то груды целаў забітых, то знекуль з-пад абломкаў яшчэ чуецца нечы голас, то згары з палаючага даху людскі лямант, то вось зноў жа там людзі і жывёлы змагаюцца з хвалямі, а тое ж во – нейкі адважны рызыкант спрабуе дапамагчы ратавацца, а там – яшчэ адзін нейкі такі, бледны як смерць, моўчкі малітоўна ўзносіць дрыготкія рукі ўгору да неба. Дабраўшыся да брамы і падняўшыся на пагорак, патойбоч ракі, Гераніма амаль непрытомна апусціўся долу. Недзе з добрых чвэрцьгадзіны ён праляжаў у поўным атлуменні, пакуль нарэшце зноў не ачуўся і -- горад за плячыма – прыўзняўся з зямлі, ні душой ні целам не адчуваючы і не ведаючы, што яму рабіць у гэткім стане, і толькі невыказная мілата агарнула яго, калі заходні вецер, з мора, абвеяў зноў вернутае яму жыццё, і яго вочы пачалі блукаць ва ўсе бакі над расквітнелымі абсягамі Сант-Яга. Толькі натоўпы перапалоханых, бязрадных людзей, напаўсюль як вокам скінуць, скрухай сціскалі яго сэрца; ён не разумеў, што магло прывесці сюды яго і іх, і толькі, як што ён абярнуўся і ўбачыў за сабою спляжаны горад, успомніў той страшны перажыты ім момант. Ён схіліўся так нізка, што дакрануўся ілбом да зямлі, дзякуючы Богу за цудатворнае выратаванне; і тут адразу, як калі б адно жахлівае ўражанне, заселае ў ягонай душы, выціснула з яе ўсе астатнія, ён заплакаў ад шчаснай радасці, што яго мілае жыццё, багатае сваімі самымі разнастайнымі праявамі, усё яшчэ ўмілажальвае яго. Пасля, убачыўшы на сваім пальцы пярсцёнак, адразу ўспомніў Хазэфу, а разам з ёю і сваю турму, званы, пачутыя ім там, і той момант, які папярэднічаў абвалу. Глыбокая скруха зноў асела ў ягоных грудзях; малітва пачала схіляць да каяння, і вусцішнай здалася яму існасць, якая валадарыць там, у пазахмар’і. Ён змяшаўся з людам, які паўсюль, заклапочаны ратаваннем маёмасці, валіў з брамаў, і нясмела рашыўся распытацца пра Астэронаву дачку і ці тое праўда, што пакаранне яе смерцю адбылося; але ніхто не даў яму талковай даведкі. Адна жанчына, якая, сагнуўшыся ледзь не да зямлі, валакла на сабе неверагодны цяжар хатняга барахла і дваіх дзяцей ля грудзей, сказала, праходзячы міма, што нібыта яна на жывыя вочы бачыла, што так, што ёй адцялі галаву. Гераніма абярнуўся; і як што ён, прыкінуўшы ўсё па часе, нават сам не мог сумнявацца ў яе пакаранні, прысеў у бязлюдным гайку і напоўніцу аддаўся свайму болю. Хацелася,-- а няхай жа разбуральная сіла прыроды зноў абрынецца на яго. Ён не разумеў, чаму смерці, якое так шукала яго збалелая душа, а ў тыя імгненні, калі яна з усіх бакоў, здавалася, дабрахоць была ратавальнай, ён пазбег яе. І ён цвёрда намерыўся больш не вагацца, хай цяпер нават дубы з карэннем павыварочвае і абрыне на яго ўсю сілу голля. Толькі ўжо выплакаўшыся, калі ў яго ад самых гарачых слёз, здавалася, зноў зацеплілася нейкая надзея, ён устаў і бязмэтна пачаў блукаць па мясцовасці. Падымаўся на кожны пагорак, дзе збіраліся людзі; на ўсіх дарогах, дзе рака яшчэ кіравала ўцёкамі, ён сустракаў іх; дзе толькі калыхаўся ветрам хоць які цень жаночай вопраткі, туды і неслі яго дрыжачыя ногі: але нідзе ані звання любаснай Астэронавай дачкі. Сонца, а з ім і ягоная слабая надзея ўжо зноў хіліліся да закату, калі ён падышоў да краю скалы, адкуль яму адкрылася шырокая, малалюдная даліна. Ён абмінаў, яшчэ нерашуча, як і павінен быў рабіць, асобныя групы людзей, і ўжо хацеў быў зноў вярнуцца, калі раптам каля ручая, які бег па лагчыне, згледзеў маладую жанчыну, якая абмывала ў ім дзіця. І сэрца зайшлося ў грудзях, калі ўбачыў: ён саскочыў, поўны спадзявання, з камення і ўсклікнуў: “О Маці Божая, о Святая!” – і пазнаў Хазэфу, калі яна, пачуўшы шолах, баязліва азірнулася. З якой душэўнай пяшчотай яны абняліся, зубожаныя, уратаваныя нябесным цудам! Хазэфа, у сваёй пакутніцкай дарозе да смерці, была зусім ужо блізенька да лобнага месца, калі раптоўны грукат і развал будынкаў разнёс і рассеяў усю карную працэсію. Яе першыя поўныя жудасці крокі памкнулі яе да бліжэйшай брамы; але здаровая развага тут жа спыніла, і яна павярнулася, каб хутчэй бегчы да кляштара, дзе заставаўся яе маленькі бездапаможны хлопчык. Яна застала увесь кляштар ужо ў полымі, і абатыса, якая ў тыя хвіліны, што павінны былі стацца грэшніцы апошнімі, мелася спраўляць свае клопаты пра груднічка, таксама лямантавала, стоячы каля варот, благаючы дапамогі, каб уратаваць дзіцятка. Хазэфа бясстрашна кінулася праз дым, які валіў ёй насустрач, у амаль ужо з усіх бакоў ахоплены разбурэннем будынак, і адразу, нібыта ўсе нябесныя анёлы асланялі яе, цалюткая, зноў выбегла з партала. Яна ўжо была, бадай, гатовая ўпасці на рукі абатысы, якая ўсё яшчэ, рукі над галавою, благала да неба, як тут якраз тая і амаль усе жанчыны з кляштара былі бязлітасна раздушаны абваленым франтонам дома. Хазэфа ў жудасці ад гэтага жахлівага відовішча задрыжала, падалася назад, адхіснулася; яна яшчэ толькі паспела закрыць абатысе вочы, і пабегла, без памяці ад страху, з дарагім дзіцяткам, зноў падараваным ёй небам, вырываючыся з кіпцяў непазбежнай пагібелі. І паспела ўжо колькі там адбегчыся, як натыкнулася на труп арцыбіскупа, выцягнуты з-пад руінаў катэдральнага сабора. Палац віцэ-караля рухнуў, трыбунал, у якім ёй абвяшчалі вырак, абняты полымем, а на месцы, дзе стаяў яе родны дом, бушавала вада, завалакаючыся барвовай выпарынай. Хазэфа сабрала ўсю сваю моц, каб стрымацца. Яна пераходзіла з сваім здабытым скарбам з вуліцы на вуліцу, гонячы з грудзей жальбу, уся да нясцерпу напятая, і была ўжо зусім блізка да брамы, калі апынулася перад руінамі турмы, у якой таміўся Гераніма. Убачыўшы гэта, яна здрыганулася, і, амаль беспрытомную, яе павяло прысесці ў нейкім закутку; але ў гэты момант штуршок скалануў і абрушыў дом за ёю; патрасенне, якое было ўжо крыху паслабла, цяпер ад новага жаху зноў захлынула яе з падвоенай сілай; яна пацалавала дзіця, намаглася стрымаць на вачах слёзы і, ужо больш не звяртаючы ніякай увагі на жудасныя шалы стыхіі, што віравалі вакол яе, дабралася да гарадское брамы. Апынуўшыся на волі, яна хутка зразумела, што не кожны, хто жыў у разбураным доме, мусова павінен быў быць завалены ў ім. На раздарожжы яна спынілася і счакала, бо тое ж, можа, хто-нехта-каторы яшчэ, апрача маленькага Філіпа, які быў наймілейшы ў свеце, ці не акажа сябе ёй на вочы. Ніхто сябе не аказаў, і яна пайшла далей, людскі тлум гусцеў, яна зноў раз-поразу азіралася, зноў марна чакала; і ішла, знебываючыся слязьмі, у зацішную, прыцененую пініямі даліну, каб душэўна падзякаваць сваёй душы, ад якое яна, як ёй здавалася, якраз сама ж і ўцякала; і знайшла яго тут, таго любаснага, у даліне, і шчаснасць здабыла, як калі б даліна была ёй дарункам неба і зямлі. Пра ўсё гэта яна цяпер расказала Гераніма, і, як што ўжо закончыла сваю аповесць, паднесла яму хлопчыка пацалаваць. – Гераніма прыняў яго і з невыказнай бацькоўскай радасцю аблашчыў сваё чада бясконцымі пяшчотамі, затуляючы яму раток, бо дзіця заплакала, убачыўшы чужое аблічча. А тым часам нагарнулася дабрашчасная ноч, поўная цудоўнага, мяккага водару, такая срабрыста-блішчастая і ціхая, якою такою можа мроіць толькі паэт. Паўсюль у лагчыне, уздоўж крынічнага ручая, у бляску месяца людзей-а-людзей!-- яны слалі сабе пасцелі з імху ды лісця, каб пасля такога пакутлівага дня адпачыць і супакоіцца. І як што гаротнікі ўсё яшчэ енчылі і бедавалі: гэты па знішчаным доме, той – па жонцы і дзіцяці, трэці – па ўсім страчаным, дык Гераніма і Хазефа адасобіліся ў больш глухое кустоўе, каб нікога не засмучаць самотным енкам сваіх душаў. Яны знайшлі разгалістае гранатавае дрэва, галіны якога, увешаныя пахучымі пладамі, шчодра духмянілі наўшыркі вакол; і салоўка цёхкаў у кароне сваю любаюрлівую песню. Тут Гераніма і апусціўся пад камлём на зямлю, Хазэфа з ім, Філіп на каленях у Хазэфы, сядзелі яны, ахінуўшыся плашчом, і спачывалі. Над імі прасціралася цяністае з рассыпанымі прасветлінамі голле, а месяц ужо зноў прыбляк на ранішняй зары перш чым яны заснулі. Бо гаманілі да бясконцасці, пра кляштарны сад, і пра вязьніцы, і пра тое, што ператрывалі адно за адное, і як яны былі кранутыя тым, колькі пакутлівай нэндзы на свеце павінны яшчэ адбыць, каб дастацца да шчасця! Яны рашылі, што, калі суймецца зямля ад штуршкоў, пойдуць у Ля-Кансэпсьён, дзе ў Хазэфы жыла верная сяброўка, ад якой спадзявалася атрымаць невялікую пазыку, на якую яны адплывуць у Гішпанію, дзе жыла Геранімава мацярынская радня, і там завершаць дабрадатнае жыццё. І з гэтым, нацалаваўшыся, заснулі.

Читать книгуСкачать книгу