Пінская шляхта

Автор: Дунин-Марцинкевич ВинцентЖанр: Водевиль  Драматургия  Год неизвестен
Скачать бесплатно книгу Дунин-Марцинкевич Винцент - Пінская шляхта в формате fb2, epub, html, txt или читать онлайн
Закладки
Читать
Cкачать
A   A+   A++
Размер шрифта
Пінская шляхта -  Дунин-Марцинкевич Винцент

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Пінская шляхта

Асобы

Кручкоў – станавы прыстаў.

Пісулькін – яго пісарчук.

Ціхон Пратасавіцкі.

Куліна – яго жонка.

Марыся – іх дачка.

Іван Цюхай-Ліпскі.

Грышка – яго сын.

Цімох Альпенскі.

Базыль Статкевіч.

Харытон Куторга.

Дзесяць іншых асоб.

Дзесяцкі.

Дзея адбываецца ў ваколіцы О.... паміж балотаў, у глушы Пінскага павета. Сцэна паказвае шляхецкую ваколіцу. Гаспадарскія будынкі раздзелены садамі з боку сцэны - хата заможнага гаспадара; пры ёй - лаўка.

З’ява I

Марыся (седзячы на лаўцы, прадзе і прыпявае)

Цяжка жыці мне, дзяўчаці, 3 міленькім ў разлуцы, - Лае бацька, лае маці, Што сэрцайка ў скуцы. Годзе сядзець над прасніцай, - Я хачу быць маладзіцай! Маці кажа: век малоды, Ой, ты яшчэ мала! А сама ўжо ў гэты годы Бацьку пакахала. Годзе сядзець над прасніцай, - Я хачу быць маладзіцай!

Ой, так! Няхай ганіць бацька, няхай лае маці, а я люблю Грышку і любіць яго век буду. Ой, бедныя ж нашы галованькі!.. Што гэта за дур напаў на бацькоў? П’яныя завяліся ды пабіліся з сабою за шляхецтва, а мы з Грышкам праз тое гаруем і ныем. Яго бацька падаў на майго ў суд скаргу, і сягоння прыедзе ў ваколіцу найяснейшая карона [1] на прасоку. У ім цэлае наша спасенне. Як прыедзе, дык мы з Грышкам паклонімся яму ў пояс ды будзем прасіць ды маліць, каб ён пагодзіў нашых бацькоў ды каб яны дазволілі нам пажаніцца. А ён такі сярдзіты, не дапускай ты госпад! Як наставіць адзін вус угору, а другі ўніз ды крыкне: па найяснейшаму ўказу!
- то бацькі спалохаюцца ды зладзяць нам вяселле... Ды што гэта зрабілася Грышку? (Грышка паціху паказваецца з-за дзерава, крадучыся да Марысі). Баюся, каб не паўставалі бацькі, - нельга было б пабачыцца з ім. (Устаўшы, пахаджваючы па сцэне, гаворыцъ.) Ой, Грышка, Грышка! Ты штось цяпер зрабіўся вельмі лянівы. Табе, пэўна, сэрца цяпер так ужо не ные па мне... Як прыйдзе, дык пакажуся перад ім сярдзітаю і хоць будзе прасіць і маліць, каб пацалавала, дык не пацалую. Дальбог, што не пацалую!

З’ява II

Грышка і Марыся

Грышка. Дык я ж і прасіць не буду, сам цябе пацалую. (Цалуе яе.)

Марыся. Ах, Грышка, нядобры! Як ты спалохаў мяне, гневаюся не жартам!..

Грышка. Гневаешся? Няпраўда! А чаму ж ты на мяне так міленька пазіраеш?

Марыся. Так, са злосці!.. Нягодны, дзе ты забаўляўся? Гэта ж зараз прыйдуць бацькі, а мы так многа маем з табою перагаварыць.

Грышка. Выбачай, мілая Марыся, - чуць золак, я з’ездзіў ужо да места, кінуўся ў ногі асэсару і прасіў, каб ён узяў нас пад сваю апеку.

Марыся. Трэба было завезці які гасцінчык.

Грышка. Дык я ж завёз яму двух зайцоў, тры пары цецерукоў ды кадобчык мёду. Ён усе прыняў ласкава і сказаў, што сёння ж прыедзе на разборку справы майго бацькі з тваім. Ой, наварылі бацькі сабе кашы, будзе што есці! Ён вельмі сярдзіты, - бо адзін вус калом угору стаў. Будзе вазня!

Марыся. Дай Бог, каб гэта каша нам зубоў не папрышчыла!

Грышка. Ён дакляраваў зрабіць нам вяселле. На Богу ды на ім - уся наша надзея.

Дуэт

Паклаўшы надзеі на Бога, Чаго ж гараваць? Прысяглі любіці да гроба, - Дык будзем жа ждаць. Хоча няшчасная доля Навек разлучыці, - А Бог скажа: мая воля Ім з сабою жыці! Не памогуць злы языкі, Hi бацькоў старожа, - Ён жа такі пан вялікі, Што хоча, то зможа!

З’ява ІІІ

Тыя самыя. Ціхон Пратасавіцкі і яго жонка Куліна

Ціхон. Хрэн табе ў вочы, - жонка, а жонка! Хадзі да паўзірайся, як дачка твая з Грышкам Цюхайчыкам галубіцца!

Куліна (за сцэнай). Хто? Дачка? Бойся Бога, ды яна ж яшчэ малая. (Уваходзіць.)

Ціхон. Які чорт малая! Хрэн табе ў вочы, - хадзі палюбуйся!

Марыся. Якая ж я малая, калі мне на Спаса скончыцца семнаццаць год?!

Куліна. Маўчы ты, хітрая лісіца! Бачыш ты, як яна скора палічыла гады!

Ціхон. Ах ты, чортаў сыну, - хрэн табе ў вочы! Не годзе таго, што бацька да жывога мяне пакрыўдзіў, назваўшы не шляхціцам, дык яшчэ сынок дачку нам баламуціць.

Грышка. Ды я ж яе люблю і хачу з ёю жаніцца...

Ціхон. Ось я цябе так пажаню, як твайго бацьку! Жонка, а жонка! Дай мятлу, - хрэн табе ў вочы!

Грышка. Што хочаце, тое рабіце, а ўсё-такі Марыся будзе мая! (Да Марысі.) Бывай здарова! (Выходзячы, спатыкаецца з Куторгам і збівае таго з ног, Марыся ўцякае ў хату.)

З’ява IV

Тыя ж і Куторга

Куторга. Ах, ты, паганец! (Устаючы.) Татарын ты нехрышчоны! Вот збіў мяне, як шведаў Хадкевіч пад Кіргольмам. Пачакай жа, я ж табе не дарую гэтай штукі, - не цяпер, то ў чацвер. (Вітаецца.) Дзень добры, пане Пратасавіцкі! Здарова, пані Пратасавіцкая! (Цалуе яе ў руку.) Відна, відна, - дзякуй богу! Здаровы, як рыжкі баровы... А я к вам з вялікаю навіною. Не ведаеце? Толькі што пан асэсар прыехаў, а такі сярдзіты, не дапускай госпад! Як ліхі татарын. Як толькі ўехаў у ваколіцу ды стаў каля Бэркі, дык зараз і закрычаў - дзесяцкіх, соцкіх! Сабраць усю шляхту да Ціхона Пратасавіцкага, ды каб Іван Цюхай-Ліпскі прыйшоў з сынам туды ж.

Ціхон. Хрэн яму ў вочы, - будзе бяда, будзе! Гэты сабака Ліпскі падаў на мяне ў суд, што я яго адлупцаваў, дык вот і асэсара прыслалі. Ну, абдзярэ, як ліпку!

Куторга. Вот дзіва, - на тое ён і асэсар! Заўваж толькі - у яго і рукі даўжэй, як у другіх людзей. Ты ведаеш яго прыпавесць: чырвонае - белае ўсё перадзелае.

Гдзе унадзіцца юрыста, Вымеце хату дачыста, Такіх дзіваў нагаворыць, Так многа кручкоў натворыць, Што, пачасаўшы затылак, Не рассупоніш памылак. Не дасі, - цябе замучыць. Добра стара казка вучыць: Дзярэ каза ў лесе лозу, Воўк дзярэ у лесе козу, А ваўка - мужык Іван, А Івана - ясны пан, Пана ўжо дзярэ юрыста, А юрысту - д’яблаў трыста!

Читать книгуСкачать книгу