Казка пра Музыку

Автор: Танк МаксимЖанр: Поэзия  Поэзия  Год неизвестен
Скачать бесплатно книгу Танк Максим - Казка пра Музыку в формате fb2, epub, html, txt или читать онлайн
Закладки
Читать
Cкачать
A   A+   A++
Размер шрифта
Гэта даўна было. Каб дайсьці да тых дзён, Адцьвілі б, пасівелі гады, Шмат стаптаў бы лапцей I знасіў бы ня менш Дзьве ці, можа, і тры барады. Але я быў і там. Пэўна ж не пехатой, А на крыльлях легэнды Матулі маёй. Ёсьць куток на зямлі, Дзе крыніцы звіняць, З трысьнікамі гавораць азёры, Дзе на кожнай сьцяжыне Курганы стаяць, Векавечным парослыя борам. Ёсьць куток на зямлі Казак, песьняў, і мар, I вясёлкавых, красачных сноў, Дзе і папараць нат Расьцьвітае-гарыць У купальскую ноч. Ёсьць куток на зямлі: Дзень адзін пражывеш — Назаўсёды цябе зачаруе. I дзе б ты ні хадзіў, Кім бы потым ні быў, Сум-тугу за тым краем пачуеш. Даўна гэта было… Але што значыць нам Глянуць ўдалеч праз горы-гады! Толькі трэба усім, Хто паслухаць прыйшоў, Быць адважным і быць маладым.

Частка першая

За борам цёмным, Вялікім, Дзе, зачапіўшыся За сасновы грэбень, Калышацца сіняе неба, — Жыў сірата Музыка. Ня меў ён ні двара, Ні гароду, Толькі сярмяжку старую — Прыкрыцца калі ў непагоду — I жалейку жывую. А іграў ён заўсёды Весела. Нават дрэва, пачуўшы яго, Хоць бы нізка да долу Галіны плакучыя Зьвесіла, Зашуміць, засьмяецца, Атрасаючы пыл, Закалышацца вецер, I заскачуць, Як зайцы, Наполі снапы. А што ўжо казаць пра людзей! Калі кожная песьня яго Сілы шмат дадавала, Шмат будзіла у сэрцы надзей, Беднякоў і сірот сагравала… Вось які быў з Музыкі Мастак-чарадзей! Далёка, Там, дзе сонца заходзіць, А мо’ і яшчэ далей, Жыў цар у палацы вялікім. Ён ня раз чуў ад розных Бывалых людзей, Што на сьвеце ёсьць Гэткі Музыка. Загадаў цар Музыку таго прывясьці У палац, на царскія вочы. Прывядуць — Усіх азалоціць, А то — лепш і дамоў не ісьці… Ішлі слугі цара дзень і ноч: I пры сонцы, I пры месяцы высокім; То лесам, То полем, То гарой, То сухадолам глыбокім. Аж пачулі, нехта недзе грае, Толькі дзе і хто — Ня бачаць, Хоць ідуць На дзіўны голас краем Ноч і целы дзень гарачы. Адзін кажа: — Можа, гэта здань? Другі: — Мо’ трава сьпявае? Толькі трэйці, Прытуліўшы вуха, Кажа: — Браткі! тут зямля такая!.. Можа, лепей пойдзем да ракі, Дзе ля вадапою Ловяць сонца рыбакі, Ды спытаем, Што такое. Аж глядзяць — Насустрач ім ідзе Ў лапціках лазовых хлопчык Невялікі. Вось паслы ў яго пытаюць: — Дзе Ў вас жыве такі Музыка? Выняў ён жалейку ды зайграў, Толькі зазьвінела рэха борам, Разьлілося шумам траў, Высыпалі песьню слухаць зоры… Тут усе пазналі, хто прад імі. Вось паслы і кажуць: — Хоча цар Адкупіць тваёй жалейкі чар Разам зь песьнямі жывымі. А Музыка кажа: — Бедны мы. Сам я голы, як калок у плоце. Можа, ваш багаты гаспадар Камяні ўсе ў полі азалоціць, Але я жалейкі не прадам Ні цару, ні вам ніколі!.. — I пайшоў Музыка ўдаль, У сінеючае поле.

Частка другая

Доўга думалі паслы Над сваёй бядой-няшчасьцем. Парашылі, што жалейку Трэба ім украсьці. Скураной дарожнай торбай Зь іх патрос адзін: З торбы вылецела птушка, Паднялася ў сінь. А другі на мокры дзёран Зь сьвіткі рукава Вытрас цень кудлаты, чорны, — Ні воўк, ні сава, — Аж, здаецца, пацямнела Неба, зелень траў… Трэйці — гадзіну З-за пазухі дастаў. Вось адзін пасол гаворыць Птушцы: — Ты ляці, Дзе лускою серабрыстай Нёман зіхаціць, Дзе купаецца зялёны Вецер у траве… Там, здаецца, і Музыка Ў тым баку жыве. Ценю кажа: — Пойдзеш полем, Згасіш ясны дзень, Заблытаеш сьцежкі зораў Зь сьцежкамі людзей. Кажа гадзіне: — Як толькі Край задрэмле ўвесь, Да Музыкі па жалейку Ціха папаўзеш… Над ракою зьвісла жыта I клён малады. Сьпіць Музыка пад ракітай, Ня чуе бяды, Што лягла нямая ціша На палі, лугі, Што над ім снуе начніца Чорныя кругі; Што апала ноч глухая I па дзеразе Да яго на скат пясчаны Гадзіна паўзе. Сьніцца сон яму, што быццам Ружавее даль І пяе, і залаціцца Ў Нёмане вада. Бачыць дзіва: у палацы Нейкі цар сядзіць, Сьмеючыся, на Музыку Весела глядзіць. Сербануў з каўша ён мёду, Выцер бараду I зайграў ды на жалейцы: — Ці-ра-ра, ду-ду!.. Скочыў да цара Музыка… Зьнік раптоўна сон. Толькі шолах мокрай вікі Ды калосься звон. I ў траве шум чуе нейкі, Там, дзе яра скат… I… за пазухай жалейкі Не знайшла рука…

Читать книгуСкачать книгу