Птушкі

Автор: Манцэвіч НастаЖанр: Поэзия  Поэзия  2012 год
Скачать бесплатно книгу Манцэвіч Наста - Птушкі в формате fb2, epub, html, txt или читать онлайн
Закладки
Читать
Cкачать
A   A+   A++
Размер шрифта
Птушкі -  Манцэвіч Наста

Наста Манцэвіч

Птушкі

Зборнік Насты Манцэвіч складаецца з вершаў і апавяданняў, паміж якімі няма фармальнай мяжы. Яна адсутнічае таму, што ўкладальнікі не бяруць на сябе адказнасць вызначыць, дзе ў гэтым корпусе тэкстаў заканчваецца проза і пачынаецца паэзія. Пакідаем гэта на волю чытача.

Рэдактар Павел Анціпаў

Дызайн вокладкі Nick Antipov

Мастак Robusta

Карэктар Алена Пятровіч

Дождж

Мой сябра дзяцінства, з якім мы гулялі ў фут бол у маёй вілейскай кватэры, дзе варотамі былі з аднаго боку дзверы пакою, а з другога — ножкі ад цымбалаў; з якім мы складалі графік нашых сустрэч, і я прыходзіла да яго кожны чацвер, а ён да мяне кожны аўторак, таму што ў гэтыя дні нам не трэба было ў музычную; з якім мы разам прыдумлялі яшчэ шмат чаго цікавага і які потым хаваў мяне ў шафе ад сваіх аднакласнікаў, калі тыя прыходзілі да яго, бо хто ж захоча, каб яго дражнілі — цілі-цілі-цеста, наста+вадзім — жаніх і нявеста. Ён паказваў ім маю куртку і казаў: «Прыкольную куртку мы купілі маёй сястры?» А я сядзела ў шафе, і мне было зусім не крыўдна, бо я разумела, што так і трэба, і думала, што клёва гэта ён прыдумаў сказаць так пра куртку. Дык вось гэты мой сябра дзяцінства запісаўся ў духавы аркестр, і ён мне потым расказваў, што цяпер яму вельмі падабаецца слухаць розную музыку, што цяпер ён чуе яе зусім паіншаму. Раней яна была для яго адным цэлым, а зараз ён ведае — вось гэта першая партыя, а гэта — другая, а там яшчэ і яшчэ, яны наслойваюцца адна на другую, але ў той жа час ён чуе асобна кожную з іх. Адначасова — дзясяткі мyзык!

Учора я легла спаць, а потым прачнулася ад дажджу. Пайшла, зачыніла вокны, легла ізноў і раптам адчула штосьці такое дзіўнае. Гэта быў незвычайны дождж. Я выразна чула, як ён шуміць у паветры, так шшшшш… як смажацца яйкі на патэльні. А калі кроплі разбіваюцца аб асфальт, то здаецца, што хтосьці стаіць пад вокнамі і лопае гэтыя пупырышкі з паветрам на пакеціках. І яшчэ дзясяткі розных гукаў, розных дажджоў: у паветры, па стрэхах, па лужынах, падваконнях, і дзесьці там высока-высока, калі вада яшчэ толькі аддзяляецца ад хмараў, і тут на зямлі — цячэ маленькімі ручайкамі. І быццам бы ў цябе дзесяць вушэй, кожнае з каторых чуе асобны гук і чуе яго асобна. Яны не пераплятаюцца ў адзін вялікі дождж. Адначасова — дзясяткі дажджоў! І быццам бы ты калісьці даўным-даўно быў дажджом і ведаеш, як гэта робіцца.

Лета

Горача. Мы стаім у невялічкім вагончыку. Сёння свята, і таму людзі ідуць адпачываць у парк — хто сем’ямі, хто па парах… Каля нашага вагончыка ўжо сабралася даволі вялікая чарга па ліманад. Мне трэба паскорыцца, каб чарга скарацілася. Дзяўчыне, маёй сённяшняй напарніцы, не перашкаджала б зрабіць тое ж самае, але я нічога не гавару, бо на ейным твары выразна напісана — «не чапай!»

Міла, здаецца, так звалі маю аднадзённую напарніцу, — тыповая дзяўчына «не чапай — не дакранайся — не гавары — са — мною…» Выходзіць, ёсць такія і сярод тых, хто вырабляе ліманад у святы для пісклявых дзяцей і іх бацькоў. Я ж не вылучаюся рашучасцю, таму прыслухоўваюся да таго, што кажа мне Мілін твар. Так, мы маўчым і працягваем рабіць ліманад.

Калі засвойваеш тэхніку, дык атрымліваецца даволі хутка. Бярэш лімон, рэжаш напалам, выціскаеш з яго сок у шклянку, пасля сыплеш туды цукар і заліваеш вадой. Трасеш гэта ўсё колькі секунд, і вось табе сапраўдны ліманад.

Менавіта гэтым мы і займаемся з Мілай у ма ленькім вагончыку. Цукар прыцягвае вос, яны залятаюць праз вокны, гудуць і не даюць працаваць. Міла пачынае ставіць шклянкі паверх вос, калі тыя садзяцца на стол. Я моўчкі за гэтым назіраю, гляджу на «палонных» вос, якія б’юцца лбамі ў сценкі шклянак і пры гэтым не сціхаюць ні на секунду… жжжж-ж-з-ззззз…

Невыносная гарачыня прымушае адчуваць усё разоў у дзесяць мацней, чым звычайна. Здаецца, што зараз галава разарвецца ад гэтага гулу. Я не магу больш трываць, бяру шклянкі адну за другой і выкідваю вос за вакно. Міла крычыць і спрабуе мяне спыніць, хапае за руку і ледзьве не плача:

— Ты што робіш? Ты што робііііш?? Яны ж вернуцца назад!! Яны зноў прылятуць сюды!

Чорт. Я не веру сваім вушам. Яна сапраўды думае, што зможа пералавіць усіх вос у гэтым парку. І хочацца таксама крычаць ёй, гучна, як толькі можна, у самыя вушы, з усяе моцы: — Міла! Ты ўсё роўна не пераловіш іх усіх! Гэта немагчыма, Міла! Іх многа! Іх нашмат больш, чым ты можаш сабе ўявіць! У цябе не хопіць шкляначак!!!

Але замест гэтага я падыходжу да яе, крэпка абдымаю і ціха-ціха шапчу:

— Міла, харошая мая, не бойся, я не дам ім цябе пакрыўдзіць.

Танец

А я спала са сваёй інстытуцкай сяброўкай. Не-не, я не хвалюся, хаця яна даволі сімпатычная — усё, як кажуць, пры ёй. Я проста канстатую факт, такі кавалачак маёй біяграфіі. Але яна не была маёй першай дзяўчынай, да яе ў мяне таксама час ад часу хто-небудзь ды быў. Вось узяць, напрыклад, Юлю. Гэта я так кажу — «вось узяць, напрыклад, Юлю», як быццам бы — пфф… ды пофігу мне на гэту вашу Юлю, проста яна — яшчэ адзін факт з маёй біяграфіі. А між іншым, менавіта Юля была маёй першай, так бы мовіць, паўнацэннай дзяўчынай.

Мы пазнаёміліся з ёй у гей-клубе. Памятаю, як я ішла туды ў першы раз, уся потная, каленкі трасуцца, прычоску рабіла, круцілася паўгадзіны перад люстэркам. А потым забіла на ўсё, ды храпнула бутэльку гарэлкі на дваіх з Пашам, маім закадычным сябрам. Так, для смеласці. А Паша мне кажа — ды супакойся, што ты як дзіцё, праўда, мы што — на выданне цябе вядзем, ці што…

Але атрымалася, што як быццам бы і на выданне.

— Можна вас запрасіць на танец?

Яна тады мне падалася нашмат за мяне старэйшай і проста жах як мне спадабалася. Усё ў ёй было прыгожым — фігура, вочы, нос, шыя, вусны, грудзі, тое, як яна рухаецца, яна проста вылучала сэксуальнасць. А я павялася. У галаве білася толькі адна думка — я павінна з ёй патанцаваць, павінна, павінна. Удыхнула паветра на поўныя грудзі, сціснула кулакі, заплюшчыла вочы і — будзь што будзе — рушыла ў ейны бок. Па дарозе наткнулася на нейкага саладжавага потнага гея, абышла яго і нарэшце дабралася да запаветнай мэты. — Можна вас запрасіць на танец?

Мне, калі шчыра, было ўсё роўна, што яна зараз адкажа. Я ведала, што незалежна ні ад чаго сёння я буду з ёй танчыць, сёння яна будзе са мной, а там будзь што будзе.

— Можна вас запрасіць на танец? — сказала я як мага больш выразна, так, каб яна зразумела, што выбару ў яе няма.

Але ніхто і не думаў супраціўляцца.

— Запрашайце, — сказала яна.

Мы танчым, і я прыціскаю яе да сябе, не вельмі моцна, але так, каб адчуваць, як стукае яе сэрца, як яна дыхае, як уздымаюцца яе грудзі. Час ад часу я трошкі адпускаю яе ад сябе каб паглядзець ёй у вочы, каб лепей разгледзець яе твар, і ўсміхаюся. Я шчаслівая, таму што сёння, цяпер, я танчу з самай прыгожай дзяўчынай у гэтым клубе, ды што там… з самай прыгожай дзяўчынай у горадзе, вось як, сёння я танчу з дзяўчынай, пра якую магла толькі марыць, якая снілася мне па начах, якая была такой недасягальнай, што заставалася толькі цешыць сябе думкамі пра тое, што калі-небудзь, калі-небудзь я… А тут яна глядзіць на мяне сур’ёзна і кажа:

— Можаш рабіць са мной усё, што захочаш.

Што захачу.

Я б хацела цяпер узяць яе сваімі крэпкімі рукамі прыцягнуць да сябе упіцца моцна ў вусны цалаваць паваліць на падлогу апантана расшпільваць на ёй яе блузку адной рукой другой сцягваць джынсы залазіць у вільготныя майткі зрываць іх нарэшце цалаваць адну грудзь другую а пальцамі ўжо вывучаць яе ўнутры потым двума трыма хутчэй яшчэ хутчэй глыбей у скронях грыміць так гучна барабанныя перапонкі вось-вось лопнуць тум тум тум тум хтосьці лупіць па іх не шкадуючы цалаваць яе ўсю пакідаць на скуры свае сляды спаўзаць усё ніжэй і ніжэй гарачым языком пранікаць унутр засоўваць яго глыбока так як толькі магчыма адчуваць як пульсуе кроў ва ўлонні удыхаць ейны пах губляць прытомнасць прыходзіць у сябе і пачынаць усё наноў. Без сведак.

Читать книгуСкачать книгу