Сакрамэнта

Автор: Багданава ГалінаЖанр: Современная проза  Проза  2010 год
Скачать бесплатно книгу Багданава Галіна - Сакрамэнта в формате fb2, epub, html, txt или читать онлайн
Закладки
Читать
Cкачать
A   A+   A++
Размер шрифта
Сакрамэнта -  Багданава Галіна
Галіна Багданава САКРАМЭНТА

Апавяданні, аповесці.

1. Вандроўкі па-за часам

ПРОФІЛЬ НА ПЯСКУ

Ля вытокаў салярных знакаў

Аслепленая сонцам. Сонцам і болем. Таму што нарадзіць дзіця не толькі прыемна, але і балюча. Доктар, што зазірнуў да нас у палату, як і мы, быў аслеплены сонцам і, да таго ж, быццам аглух. Хаця, здавалася, стагналі, енчылі ад болю нават паныла-блакітныя сцены.

— Чаго вы ўсе крычыце?! — усміхаўся ён у вусы. — Сёння ж ва ўсіх вас свята. Сёння ж для кожнай з вас самы радасны і сонечны дзень. У вашых сем’ях у гэты дзень цяпер тогод будзе свята.

Свята — значыць святое. Асвечаная, спавітая хваляваннем і радасцю Таямніца. Я й цяпер да драбніц памятаю той сонечны дзень. Калі ў радзільнай зале, падарыўшы свету сына, я зараз жа забылася на боль, перастала адчуваць яго. Адзінае, напружана ўслухоўвалася і не чула чаканага сынава голасу. А мяне ўжо змусілі праваліцца ў бездань наркатычнага сну. Трэба было мяне подрамантаваць, каб праз год я здолела вынасіць і зноў, скрозь боль, быць аслепленай сонцам і нарадзіць яшчэ аднаго сына. Падарыць сабе і свету яшчэ адно свята. Яшчэ адну Таямніцу. Але да гэтага яшчэ далёка. Пакуль што мяне змусілі забыцца, заснуць, ператварыцца ў бязвольную знямелую субстанцыю.

Мяне паглынула бязважкасць, бяздонны калодзеж у нікуды. Ён зацягваў мяне, ці ўжо й не мяне... І там, у глыбіні, у часавай бездані я зноў была аслеплена сонцам, сонцам, якое люстравалася ў ціхай павольнай рачной плыні, награвала мяккі, амаль белы пясок, падсвечвала смарагдам росную траву, аплятала жывым, пульсуючым павуціннем бурштынавых ценяў гонкія хвоі, лашчыла мяне і ... майго сына. А ён, мой сын, ужо падлетак, таму не зусім голенькі, а, так было прынята ў нашым племені, у набедранай павязцы, нешта засяроджана маляваў на вільготным пяску. На мне таксама была набедраная павязка, дакладней, кароценькая спаднічка з папаратніку. Даўжэйшую, з поўсцю, я пакідала на халады. На грудзях прыемна ласціліся, студзілі мяне мае любімыя бурштынавыя пацеркі, сонечныя кропелькі з татэмам племені —іклам нашага агульнага прапрашчура — сівога ваўка. Налета і майму сыну дадуць такія ж. Але ў мяне воўчы ікл асаблівы, на ім ёсць таемны малюнак — кружок з кропачкай пасярэдзіне, маленькае “вочка”, сонечны знак. Ён набліжае мяне да сонца, саграе, надае сілы. Пакуль што гэты таемны сонечны знак ратуе і мяне, і майго сына. Так будзе да наступнага лета. А далей мой сын сам будзе тварыць сваё жыццё і яго будзе ахоўваць ягоны ўласны татэм. А яшчэ сілы нам з сынам надаюць зёлкі. Мяне навучыла разбірацца ў іх мая бабуля. І цяпер нават Відушчая, і тая карыстаецца маімі парадамі, і маімі зёлкамі. Галоўнае, сабарць і высушыць іх у пару, у самую іх пару, калі яны ўжо назапасілі і прагнуць перадаць сваю сілу.

Зараз я толькі што выйшла з лесу. І расклала на траве цэлы ахапак зёлак. Перабяру і пакладу сушыць. Больш за ўсё, як заўжды, святаянніку, мноства прамяністых, нават на дотык цёплых кветачак. Цёплых... Ці, можа, мне гэта толькі здаецца?

— Ай! — гукнула я сына.

Ён як бы і не пачуў. Што ж, я не крыўдую. Я ведаю, мілы мой Ай, калі ты пачынаеш маляваць, ляпіць ці выразаць з косці, забываешся на ўсё. Мне здаецца, што калі ты малюеш ці выразаеш звера, то наяве чуеш ягоны рык ці тупат, чуеш, як наганяюць яго паляўнічыя. А калі гэты звер не драпежнік, а які-небудзь высакародны алень, які зусім знясілеў, які задыхаецца і вось-вось упадзе... Тады ты, калі ўжо выпушчаная найлепшым нашым паляўнічым страла кранае прыгожае, гнуткае цела жывёлы, раптам, як усемагутны Стваральнік, выхопліваеш аленя з-пад стралы. З рэальнасці — у сон, у мрою. А з мроі той нараджаецца выразаны з косці, жывы на дотык вобраз.

Тваіх касцяных і драўляных аленяў шкадуюць забіваць нават тыя, хто мусіць настроіцца на паляванен, мужчыны, якія выконваюць магічны танец і па традыцыі пускаюць стрэлы ў зробленых з косці, дрэва, ці намаляваных звяроў. Відушчая заўважыла гэта. І цяпер, калі бярэ ў рукі чурынгу, каменную пласціну, на якой высечаны зразумелыя толькі ёй рысачкі і кропкі ( паводле іх яна каменем аб камень выстуквае для ўсіх рытм), дык вось, цяпер, калі яна бярэ ў рукі чурынгу, то кладзе паляўнічым не тваіх звяроў. А тых, якіх калісьці выразаў твой бацька. Баіцца, што мужчыны пашкадуюць твае выявы, не стрэляць, не патрапяць у іх, і паляванне будзе няўдалым.

Ты, ведаю, крыўдуеш, нервуешся. А я ўпотай вельмі табой ганаруся. Стварыць тое, што спыняе стралу, значна цяжэй, чым тое, што яе прыцягвае. Забіваць у нашым племені ўмеюць усе. Шкадуюць адзінкі. Ты ж, мой сын, твае звяры, вы здолелі расчуліць усіх, нават самых жорсткіх.

А калі летась цябе, Ай, дзеля выпрабавання ўпершыню ўзялі на паляванне і ты, разам з усімі высачыў аленя, старэйшыя, як мне потым расказвалі, хацелі саступіць, даць табе стрэліць першаму. І ты, стаіўшыся ў кустах, ужо заклаў стралу, нацягнуў цецяву, але ў апошняе імгненне перадумаў, спыніўся і ўвогуле адкінуў стралу убок. І тады адразу стрэлілі трое з тых, хто заўжды напагатове, стрэлілі і смяротна паранілі аленя. І разам з аленем упаў на траву ты, мой Ай. Так расказвалі мне мужчыны. Ты тады ледзь не страціў прытомнасць. А потым так плакаў, кідаўся, крычаў па начах, што мне давялося адпойваць цябе зёлкамі. І наш Галоўны, Важак, паглядаючы на цябе, толькі ківаў галавою:

— Нічога не паробіш, будзе, як бацька, мастаком.

А мы, жанчыны, даўно ведалі, што ты не такі, як усе, што ты незвычайны. Можна было і не браць цябе на паляванне, не правяраць. Нарадзіўся ты, абкручаны пупавінай, і цябе ледзь уратавалі, ледзь прымусілі падаць голас, закрычаць. І ты не крычаў, як усе доўга і нудна “Аааа-аааа—ааа!”, не агукаў, ты крыкнуў гучна і раз усяго:”Ай!”. Відушчая, кажуць, як толькі дазналася пра тое, як ты нарадзіўся, адразу сказала, што ты будзеш не такі, як усе. Што вялікі дар табе будзе дадзены: дар лячыць або маляваць. А я цябе так і назвала —Ай.

Ты з’явіўся на свет на самым пачатку лета, калі сонца заткала зямлю зелянінай і кветкамі, калі ўсё навокал, вітаючы тваё з’яўленне, спявала і танчыла. І дзіўны салодкі кветкавы водар кружыў мне голаў, хмяліў да самазабыцця.

Але ж усе ведаюць, важна не толькі, як і калі чалавек быў народжаны, але і як, калі быў зачаты. Мы з бацькам прадвырашылі тваё з’яўленне ўвосень. Цёпла было, цёпла і парна. Грыбоў — не сабраць. Баравікі. Белыя, чаранагаловікі. Тыя, што растуць пад дубамі і ў хваёвым бары. Сярод грыбоў трапляліся і тыя, якія можна есці не варыўшы. Мы з тваім бацькам мелі кожны свае грыбныя мясцінкі, і цягалі грыбы кашамі. Ды толькі не спяшаліся браць. Любаваліся. І там, у лесе. І потым, калі перабіралі. Кожны ж грыбок непаўторны. Кожны грыбок — адкрыццё. Адкрыццё прыгажосці. Мяккі вільготны мох, а ў ім моцная, пругкая ножка, гладзенькі капялюшык... І нашыя пацалункі там, у засланым цёплым туманам, росным, засыпаным апалаю лістотай, ігліцай восеньскім лесе, тыя пацалункі таксама былі для нас адкрыццём, якое вяло да разгадкі таямніцы зачацця, твайго зачацця, Ай. Так дождж лашчыць зямлю, каб узгадаваць кінутае ў яе зерне. Колер зярнятка, колер семені, колер малака. Наш колер. Ён ёсць нябеснае святло, наша повязь з небам.

А зімою, калі, Ай, я напэўна ўжо ведала, што ты ёсць, што ты будзеш у мяне, мы з тваім бацькам сядзелі ля вогнішча ў нашай вялікай, складзенай з мамантавых костак і зацягнутай па версе звярынымі, воўчымі шкурамі хаціне. І было чуваць, як захліпаецца снегам завея і выюць ваўкі. Усе паснулі. А мы з табою, здаралася, і ўсю ноч сядзелі ля вогнішча. Я шыла, а твой тата выразаў з костак звяроў, тых самых, якіх і цяпер Відушчая кладзе на зямлю падчас танца мужчын, што выпраўляюцца на паляванне. Паляўнічыя, калі хочуць упаляваць звера, мусяць спачатку патрапіць стралою ў яго выяву. Ды ты гэта ведаеш.

Читать книгуСкачать книгу