Адысея наваградскай лекаркі. Саламея Русецкая

Автор: Грыцкевіч Валянцін ПятровічЖанр: История  Научно-образовательная  Год неизвестен
Скачать бесплатно книгу Грыцкевіч Валянцін Пятровіч - Адысея наваградскай лекаркі. Саламея Русецкая в формате fb2, epub, html, txt или читать онлайн
Закладки
Читать
Cкачать
A   A+   A++
Размер шрифта
Адысея наваградскай лекаркі. Саламея Русецкая -  Грыцкевіч Валянцін Пятровіч

3 КНІГАЗБОРУ ПАЛКОЎНІКА АРТЫЛЕРЫІ

У Нацыянальным музеі ў Кракаве, у аддзеле імя Чартарыйскіх, пад нумарам 1482 захоўваецца надзвычай цікавы рукапіс XVIII стагоддзя. Мудрагелістая і доўгая назва яго [1] , сугучная тагачаснаму сіылю барока, у сціслым выкладзе гучыць як «Пададзенае свету рэха падарожжаў і авантур майго жыцця». Аўтар дзённіка — лекарка Саламея Русецкая. Нарадзілася яна на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у Наваградскім ваяводстве Вялікага княства Літоўскага [2] .

Кіраўніцтва музея дало мне магчымасць атрымаць копію рукапісу і такім чынам азнаёміцца з ім. А ўпершыню яго апісаў гісторык Л. Глятман у канцы мінулага стагоддзя. Пазней дзённік даследавалі М. Ліпіньска, Г. Поляк, 3. Куховіч, Я. Рэйхман.

Пад загалоўкам рукапісу зроблена прыпіска на лацінскай мове пра тое, што ён «3 бібліятэкі Іаана дэ Вітэ, палкоўніка артылерыі» [3] .

Запісы Саламеі Русецкай — гэта ўражанні ад убачанага і пачутага ў краінах, дзе пабыла нястомная вандроўніца. Жыццёвыя віхуры насілі яе па абшарах Расійскай імперыі і Рэчы Паспалітай [4] , па землях «Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі» [5] , па Асманскай Турцыі. У дзённіку ёсць запіс і пра намер наведаць Іерусалім.

Звычайная побытная мова, арфаграфічныя памылкі, стылёвыя хібы сведчадь пра тое, што ў аўтаркі не было грунтоўнай адукадыі і сістэматызаваных ведаў, а гэта крыху звужае кола яе назіранняў. Няма ў запісках аналітычных высноў, і тым не менш яны падкупляюць шчырасцю, багаццем фактаў і падрабязнасцяў, якія даюць магчымасць бачыць з'явы ва ўсёй іх паўнаце. Свае мемуары Саламея Русецкая пісала па-польску, але яны літаральна насычаны беларусізмамі.

Шмат увагі падарожніца аддае апісанню ладу жыцця ў розных краінах, называе памеры сваіх ганарараў, піша пра кошт прадуктаў харчавання ў Стамбуле, Пецярбурзе, іншых гарадах.

Усё гэта сведчанні таго, што Русецкая не належала да багатых маёмасных людзей. Кавалак хлеба і прызнанне яна здабывала сваімі рукамі і розумам. Дзённік напісаны ў разліку не толькі на людзей заможных, але і на «беднякоў», як паведамляе сама лекарка.

Магчыма, у выкладзе Русецкай ёсць некаторыя перабольшванні, асабліва ў тых месцах, дзе гаворка ідзе пра незвычайныя здарэнні. Але ў цэлым яе запіскі пакідаюць уражанне праўдзіва і дакладна апісаных падзей. Шматлікія іншамоўныя выразы гавораць самі за сябе. Правільна яна называе раёны Стамбула і Вены, вуліцы, месцазнаходжанне дамоў і палацаў у Пецярбурзе. Беспамылкова ўказвае на пасады сваіх знаёмых і апекуноў. Такія дэталі мог ведаць толькі непасрэдны сведка і ўдзельнік падзей. Дзённік чытаецца як захапляльны прыгодніцкі раман.

Запіскі Саламеі Русецкай — багатая і цікавая крыніца па гісторыі і геаграфіі шэрагу краін Еўропы сярэдзіны XVIII стагоддзя. Хай не здзіўляе мноства цытат у кнізе. Зроблена гэта свядома, каб данесці да чытачоў галасы мінулага, яго фарбы і водар.

У СТАЛІЦЫ ACМАНСКАЙ ІМПЕРЫІ

З маладосці — у вандроўках * У заліве Залаты Рог * Перліна Турэцкай імперыі * Першы вопыт лекавання * Рызыкоўны занятак * Рашучасць і знаходлівасць — ратунак ад смерці

Пераняеемся разам з аўтаркаю запісак у яе час. То быў час росквіту барока ў мастацтве, узвядзення велічных палацаў і дамоў, загарадных паркаў і фантанаў, час разбойніцкіх нападаў і ўрачыстых прыёмаў, а таксама войнаў, якія адначасова шугалі ў Турцыі, Аўстрыі, Германіі, Італіі.

Нарадзілася Саламея-Рэгіна ў 1718 годзе ў сям'і Яўхіма Русецкага. Яна не піша пра тое, з якіх слаёў насельніцтва паходзіць. Па звестках гісторыка С. Залэньскага, ужо дарослаю перайшла ў каталіцкую веру. Адукацыя яе была даволі сціплая. 3 маладых гадоў Саламея любіла не жаночы, здавалася б, занятак — стральбу. Саламею рана аддалі замуж за нямецкага ўрача Якуба Хальпіра, з якім яна неўзабаве (верагодна ў 1731 годзе) і паехала ў Стамбул.

Турэцкая сталіца ўразіла, ашаламіла маладую жанчыну. Стамбул быў буйным гандлёвым цэнтрам Асманскай імперыі. Яго гавань у заліве Залаты Рог лічылася адной з найлепшых у свеце. Веліч і прыгажосць гораду надавалі высокія стромкія мінарэты, шыкоўныя палацы, зіхатлівыя струмені фантанаў. Урачыстыя выхады султана з палаца Топ-Капы, які стаяў паміж залівам Залаты Рог і Мармуровым морам, заўжды прыцягвалі ўвагу насельнікаў горада. За абарончым мурам раслі сады, якія атулялі шматлікія будынкі.

Стамбул быў славуты кірмашамі, караван-сараямі [6] , вызначаўся шматмоўным людскім натоўпам. Вуліцы ў горадзе былі вузкія і крывыя. Жылыя будынкі ўзводзіліся на два і тры паверхі, пры гэтым нярэдка кожны наступны паверх выступаў над папярэднім. Балконы навісалі над вуліцамі. Горад размяшчаўся на пагорках, і таму шмат дзе былі пабудаваны лесвіцы. Галоўная брама Топ-Капы знаходзілася недалёка ад знакамітай бажніцы Айя-Сафія [7] . Брама вяла ў двор, які займалі янычары [8] — ахоўнікі султана, за другой брамаю быў двор, дзе каралі смерцю саноўнікаў, што трапілі ў няміласць. Тут жа будынак дывана [9] . I толькі за трэцяю брамаю знаходзілася рэзідэнцыя султана, тронная зала і гарэм. У гэты гарэм Саламея пазней атрымала доступ.

У дзённіку яна пісала: «Стамбул хоць вялікі і пышны без меры, але стары горад — тут палац коштам у тысячу кіс грошай, а побач кузня, у якой падкоўваюць коней, а паблізу крама, дзе прадаюць агуркі і кавуны». У горадзе часта ўспыхвалі пажары, іх тушылі янычары.

Саламея мела дапытлівы розум і неблагія здольнасці. Яна стала дапамагадь мужу лячыць хворых, навучылася ад яго і яшчэ аднаго ўрача з Ірака вылечваць нескладаныя хваробы вачэй. Паступова яна набіралася вопыту, і ўлады дазволілі ёй самастойна займацца лекарскай справай. Напачатку яна лячыла захворванні вачэй у жанчын, а пасля і іншыя хваробы як у жанчын, так і ў мужчын. Мусульманкам хадзіць у дамы пацыентаў забараняў звычай, але Саламея была хрысціянкай, і яе гэта не датычыла.

У Стамбуле панавала адносная верацярпімасць. Існавалі грэчаская, армянская і яўрэйская абшчыны, правы іх, між іншым, нярэдка парушаліся. «Усё ж, — як піша гісторык А. Д. Новікаў,— становішча іншаверцаў тут было значна лепшае, чым у краінах Заходняй Еўропы, дзе яны цярпелі пастаянныя жорсткія ганенні, а нярэдка і вынішчаліся, як, напрыклад, у Іспаніі, Партугаліі і некаторых іншых дзяржавах».

Лаяльнае стаўленне ўлад да іншаземцаў давала магчымасць Саламеі і яе мужу займацца лекарскай практыкай. Праўда, лячыць насельнікаў сталіцы часам было вельмі рызыкоўна. Аднаго разу ў раён Балат, у двор, дзе жыла лекарка, прыйшлі два янычары, пераапранутыя ў жаночае адзенне і пад чадрой. Яны папрасілі Саламею пайсці з імі нібы да хворай маці ў суседні гарадскі раён Фенер (Фанар), нават прапаноўвалі папярэдне аплаціць дарогу. Саламея адмовілася, спаслаўшыся на тое, што яе чакае вазок, каб везці да іншай хворай. У размову ўступіла суседка, жонка лекара яўрэя Эбеулу. Жанчына даводзіла, што менавіта яна мае вопыт лячэння, а Саламея нічога не ведае, i згадзілася пайсці з імі. У Турцыі даўней сярод жанчын існаваў звычай надзяваць на сябе каштоўныя ўпрыгожанні, калі яны выходзілі з дому. Лекарка прыбралася нібы на фэст. На гэта i разлічвалі янычары — яны абрабавалі няшчасную даверлівую жанчыну i забілі яе.

Саламея была знаходлівая, рашучая i смелая, што няраз дапамагала ёй у цяжкіх сітуацыях. Аднойчы, калі яе муж ужо амаль вылечыў аднаго саноўніка ад сур'ёзнай хваробы, той нечакана памёр пасля прыёму мікстуры. Сваякі нябожчыка ўжо збіраліся звярнуцца да ўлад з хадайніцтвам аб пакаралі смерцю Хальпіра, але Саламея ўгаварыла не рабіць гэтага, задаволіцца грашовай кампенсацыяй. Затым лекарка выявіла, што падчас прыгатавання лякарства, ад якога памёр пацыент, прысутнічаў канкурэнт яе мужа доктар Фансека [10] . Яна абвінаваціла Фансеку ў тым, што ён падмяшаў у лякарства атруту. Баючыся суда, які ў Асманскай Турцыі звычайна быў вельмі хуткі i мог закончыцца для доктара сумна, Фансека згадзіўся выплочваць штраф, накладзены на мужа Саламеі.

Читать книгуСкачать книгу