Ленін і Сталін думаюць пра Беларусь

Автор: Трофимчик Анатолий ВикторовичЖанр: История  Научно-образовательная  Год неизвестен
Скачать бесплатно книгу Трофимчик Анатолий Викторович - Ленін і Сталін думаюць пра Беларусь в формате fb2, epub, html, txt или читать онлайн
Закладки
Читать
Cкачать
A   A+   A++
Размер шрифта
Ленін і Сталін думаюць пра Беларусь -  Трофимчик Анатолий Викторович

Першынцу Аляксею

Прадмова ад "выдаўца"

У дадзеную электронную версію не ўвайшлі спасылкі на крыніцы, якімі карыстаўся аўтар.

Як на маё меркаванне , дык звычайнаму чытачу гэта не не вельмі цікава, а калі то, дык існуе папяровы арыгінал, ці PDF версія.

З павагай да аўтара і чытачоў — Polochanin72.

Прадмова

Карфаген мусіць быць разбураным — казалі рымляне, калі думалі пра інтарэсы ўласнай дзяржавы. Створаны ў БССР гістарыяграфічны міф пра ўзгадаванне беларускай дзяржаўнасці з дапамогай Леніна і Сталіна, пра бальшавіцкую місіянернасць як ласку для беларускай нацыі таксама мусіць быць разбураны, калі маладая Беларусь думае пра ўласны імідж, а яе грамадзяне маюць нацыянальную годнасць. Міф гэты будаваўся на стагоддзі. Выглядае фундаментальна, як будынкі ў стылі сталінскага класіцызму на галоўнай вуліцы Мінска. Можа таму за яго разбурэнне гісторыкам сталага веку так страшна брацца. Але гэтага не скажаш пра маладога аўтара дадзенай манаграфіі. Ён узяўся за справу. І гэта радуе.

Існуе погляд, што разбурэннем гістрыяграфічнай савецкай спадчыны займацца бессэнсоўна. І так відавочна — абсурд. Навошта пэцкаць рукі. Хай сабе гэтыя савецкія міфы-будынкі стаяць. Самі абрынуцца. Ёсць больш актуальныя праблемы…

У тым і справа, што хутка не абрынуцца. Прыдаецца доўга чакаць, бо робяцца спробы рэстаўрацыі. Ачышчаць нацыянальную гісторыю ад бальшавіцкай ідэалогіі неабходна па ўсіх накірунках. Прыклад дадзенай працы паказвае, што пачынаць трэба з галоўнага. Аўтар звярнуўся да твораў Леніна і Сталіна, зайшоў у створаны савецкімі гісторыкамі дом-міф пра беларускую савецкую дзяржаўнасць і пачаў расказваць пра ўбачанае. Хаця ўвайсці туды было не так проста. Змрочная атмасфера. Смурод палітычных мерцвякоў. Патрабавалася пэўная мужнасць і адвага. Але аўтар зрабіў гэта і атрымаў станоўчы вынік. Нельга сказаць, што яго намаганнямі міф-будынак разбураны. Але сталася відавочна, што за знешняй рэспектабельнасцю ўнутры яго — спрэс фальсіфікацыя. Цяпер іншыя стануць смялейшымі.

Фактычна аўтар пачаў перапісванне гісторыі партыі расійскіх бальшавікоў з пазіцый сучаснай беларускай суверэннасці і паказаў мэтазгоднасць гэтай справы. Даўно — пара!

Не з усімі поглядамі аўтара можна пагадзіцца. Але я не выступаю тут рэцэнзентам. Хачу толькі падтрымаць майго калегу, які дэманструе высокую дасведчанасць у праблеме і прафесіяналізм. Лічу сваім абавязкам даць яго арыгінальнаму даследаванню, як кажуць, «пуцёўку ў жыццё». Ён апраўдвае мае надзеі на маладых навукоўцаў, якія ў стане стварыць праўдзівую гісторыю ўласнай краіны.

Прафесар Захар Шыбека

Уступ

Многія пытанні станаўлення беларускай дзяржаўнасці па-ранейшаму не знаходзяць адказаў, або тыя адказы гучаць вельмі няпэўна. Таму гэтыя пытанні, нягледзячы на гурбы спісанай паперы, застаюцца адкрытымі. Цікава, што найбольш увагі па гэтай тэме заўсёды ўдзялялася аспекту, вынесенаму намі ў загаловак. Цалкам лагічна, што навукоўцы адмыслова абіралі для грунтоўных даследаванняў «крамлёўскі ракурс», бо менавіта меркаванні бальшавіцкіх палітыкаў з'яўляліся лёсавызначальнымі для Беларусі. І тым не менш менавіта гэты аспект у гістарыяграфіі застаецца найбольш полівалентным [1] .

Якімі ж яны былі, тыя меркаванні — і сапраўдныя, і дэкларатыўныя? Якой была іх рэалізацыя? Вось пытанні, на якія гістарычная навука пакуль не дае пэўнага адказу. З гэтага грамадства мае дамінаванне міфа пра ленінска-сталінскую дапамогу ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці. А за мяжой калі і былі антытэзы, то

1) не ў патрэбнай колькасці (што важна як для міфастварэння, так і для разбурэння міфаў),

2) яны фактычна знаходзіліся пад забаронай у «сацыялістычным лагеры» і таму заставаліся там невядомымі.

Дэмантаж посткастрычніцкага эксперыменту спарадзіў плюралістычную атмасферу ва Усходняй Еўропе, у тым ліку ў гуманітарных дысцыплінах. Аднак афіцыйная беларуская навука, якая мусіла быць флагманам у даследаванні дзяржаўнасці сваёй краіны, практычна засталася ў палоне савецкай гістарыяграфічнай традыцыі. Новым жа даследаванням пакуль не хапае грунтоўнасці. Разам з тым, у навуковы зварот, нават у беларускім гістарыяграфічным дыскурсе, ужо ўведзена столькі матэрыялу, што даць канкрэтнае абазначэнне пазіцый расійскіх бальшавікоў і абгрунтаваць дэтэрмінізм [2] тых пазіцый цалкам магчыма. Гэта і робіцца ў рэпрэзентуемым даследаванні, якое, тым не менш, ні ў якім разе не канцуе праблему. Наадварот яго трэба расцэньваць як прапанову да больш шырокага і актыўнага асэнсавання праблемы.

Гэты нарыс фактычна з'яўляецца гістарыяграфічным. Аднак ён не мае на мэце ахапіць усё тое, што ўжо напрацавана гістарычнай навукай. Найперш акцэнтаваліся тыя кантэксты, што адпавядалі зададзенай тэме. З гэтага па-за належнай увагай застаўся шэраг высакаякасных даследаванняў (напрыклад, В. Круталевіча, С. Рудовіча).

Важна было б даследаваць паасобку і адносіны да беларускай дзяржаўнасці іншых суб'ектаў міжнароднай палітыкі. Бо пра іх як у навукоўцаў, так і ў грамадства ўяўленне часта досыць ўтрыраванае. Але спачатку неабходна як мага больш поўна праясніць ролю Масквы ў станаўленні і развіцці дзяржаўнасці на Беларусі ў першай палове XX ст. як найбольш важкую, так і найбольш скажоную. І хаця шматлікія матэрыялы гэтай гісторыі ляжаць, здавалася б, навідавоку, многія даследчыкі ўпарта не жадаюць імі карыстацца. А колькі яшчэ дакументаў марнее ў архівах (перадусім расійскіх) і чакае сваіх аналітыкаў, можна толькі здагадвацца.

Калі вынікі рэпрэзентацыі гэтых навуковых пошукаў выклічуць дадатковую ўвагу да тэмы і хоць трохі актывізуюць працу ў дадзеным накірунку, то аўтар палічыць задачу-мінімум выкананай. З удзячнасцю прыму крытыку і ўдакладненні, бо складанасць задачы, канечне, не магла не абумовіць пэўных памылак і хібаў. Тым больш, што гэта фактычна толькі пачатак распрацоўкі тэмы, якая ў будучым павінна перарасці ў фундаментальнае даследаванне.

Загадзя дзякую чытачу за ўвагу да маёй сціплай манаграфіі.

Ад Петраграда да Рыгі (1917–1921)

Мы за автономию для всех частей, мы за право отделения (а не за отделение всех!) <…> В общем, мы против отделения. Но мы стоим за право на отделение. <…> Ничего, абсолютно ничего кроме права на отделение здесь нет и быть не должно

В. Ленин

Принцип на самоопределение должен быть средством борьбы за социализм.

И. Сталин

У гістарычнай навуцы Беларусі пытанне пра адносіны кіраўніцтва бальшавіцкай партыі і савецкай краіны да станаўлення беларускай дзяржаўнасці дасюль не мае пэўнага адказу, як няма яснага адказу на пытанне: наколькі ж і як спрычыніліся бальшавікі да вырашэння гэтай праблемы? Савецкая гістарыяграфія стварала міф пра тое, што абяздолены беларускі народ толькі дзякуючы кастрычніцкай рэвалюцыі займеў паўнавартасную дзяржаўнасць. Паралельна існавала ледзь не цалкам адваротная думка беларускіх эмігрантаў: маўляў, гэта была бальшавіцкая акупацыя. Аднак за рамантызмам і эмоцыямі тыя навуковыя даследаванні нярэдка гублялі сваю вартасць, таму акрэсленая тэма заставалася слабадаследаванай. Тым больш, што даследаванні з-за «жалезнай заслоны» праводзіць было практычна немагчыма, паколькі неабходныя архівы знаходзіліся ў СССР, але пры гэтым былі недаступныя і савецкім гісторыкам. А калі апошнія што і знаходзілі, то трымаліся рамак ідэалагем, або гэта за іх рабіла цэнзура. Сучасная гістарычная навука Беларусі стасоўна гэтай праблемы, як і многіх іншых, мае пэўныя здабыткі, якія, аднак, вельмі часта характарызуюцца прынцыповымі супярэчнасцямі. Даходзіць да парадоксаў: зробленыя ў канцы працы высновы могуць канцэптуальна пярэчыць папярэдняй аналітыцы. Такое становішча падштурхоўвае да пераканструявання сэнсу падзей, якое, што праўда, не прэтэндуе на поўную завершанасць, аднак імкнецца да аб'ектывізацыі тэндэнцый, якія панавалі ў кіраўнічых органах маладой савецкай дзяржавы (з 1922 г. — СССР). Яшчэ заўважым, што абсалютная большасць матэрыялаў, якія леглі ў аснову працы, з'яўляецца агульнадаступнай і мае даволі шырокую рэпрэзентацыю.

Читать книгуСкачать книгу