Ваенны лётчык

Автор: Сент-Экзюпери Антуан де Жанр: Классическая проза  Проза  1984 год
Закладки
Читать
Cкачать
A   A+   A++
Размер шрифта

Отрывок из книги

Па сутнасці, штаб нагадвае вопытнага карцёжніка, з якім бы сталі раіцца з суседняга пакоя: — Што мне рабіць з маёй віновай дамай? Той паціснуў бы плячыма. Што ён можа параіць, калі не бачыць гульні? Але штаб не мае права паціскаць плячыма. Калі ў яго руках яшчэ маюцца сякія-такія баявыя адзінкі, ён абавязаны пусціць іх у ход, каб трымаць пад сваім кантролем і выкарыстаць усе магчымасці, пакуль вайна яшчэ вядзецца. Хай сабе і ўсляпую, ён абавязаны дзейнічаць сам і прымушаць дзейнічаць іншых. Але наўздагад вельмі цяжка вырашыць, што рабіць з дамай. Мы ўжо адзначылі, спачатку са здзіўленнем, потым як відавочнасць, што, калі пачынаецца разгром, работа не спыняецца. На першы погляд можа здацца, што пераможанага захліствае бясконцая плынь усялякіх праблем, што, каб вырашыць іх, ён не шкадуе ні сваёй пяхоты, ні артылерыі, ні танкаў, ні самалётаў… Але паражэнне найперш за ўсё начыста змятае ўсе праблемы. Усе карты ператасоўваюцца. I проста няўцям, што рабіць з самалётамі, з танкамі, з віновай дамай… …