Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае

Автор: Ермаловіч Мікола   Жанр: История  Научно-образовательная   Год неизвестен
Закладки
A   A+   A++
Размер шрифта
Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае - Ермаловіч Мікола
Автор:  Ермаловіч Мікола    
Жанр:  История  Научно-образовательная 
Серия:   
Страниц:  71 
Год:  Неизвестен  

Отрывок из книги

У Турава-Пінскім княстве таксама назіралася тэндэнцыя да збліжэння з іншымі беларускімі землямі, якая праявілася ўжо ў пачатку XII ст. Нездарма ж Глеб Менскі хацеў сілай паскорыць гэты працэс, імкнучыся далучыць да сваіх уладанняў прыпяцкія землі, чым наклікаў на сябе вялікі гнеў і жорсткую помсту кіеўскага князя. У сувязі з гэтым нам хочацца звярнуць увагу на наступны факт. Далучыўшы часова да сваіх уладанняў у 1119 г. Менск, кіеўскі князь у 1131 г. аддаў менскаму князю Ізяславу Тураў і Пінск, якія былі ў сферы ўплыву Кіева. I справа, вядома, не толькі ў тым, што Ізяслаў быў іх стаўленікам (у часы ўдзельшчыны ўсе князі лёгка пранікаліся мясцовымі інтарэсамі). Галоўнае ў тым, што ўжо тады, відаць, пачалі вызначацца эканамічныя сувязі Турава-Пінскай зямлі з Менскам і, як паказала гісторыя, гэтыя сувязі былі невыпадковымі. Яны увесь час мацнелі, што і прывяло ў будучым да з’яднання Турава-Пінскай зямлі з усёй Беларуссю. У 1158 г. Тураў выйшаў з-пад улады Кіева, і ў ім асела самастойная княская дынастыя. I хоць на тэрыторыі Турава-Пінскай зямлі ўзнік шэраг асобных удзелаў (Тураўскі, Пінскі, Дубровіцкі, Слуцкі, Клецкі і інш.), аднак князі іх дзейнічалі згуртавана. У пачатку XIII ст. Турава-Пінская зямля, пераадольваючы імкненне галіцка-валынскіх князёў падначаліць яе сабе, усё больш і больш звязвае свой лёс з Новагародскай зямлёй. Нездарма ж у 1228 г. новагародцы ўдзельнічалі на баку Расціслава Пінскага ў барацьбе з Данілам Галіцкім, а ў 1263 г. іх князь Войшалк пры дапамозе пінянаў заваёўваў Літву. I гэтыя сувязі былі невыпадковыя.